geig640

Трэці раз — і зноў прызавы

Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж сёлета адправіўся на конкурс трэці раз. На двух папярэдніх чэмпіянатах установа ўзяла ў розных кампетэнцыях усе тры прызавыя месцы.

Перамогі стымулююць працаваць больш і дасягаць новых вяршынь. Паспяхова прайшоўшы адборачныя рэгіянальныя спаборніцтвы, у якіх былі вызначаны фіналісты нацыянальнага чэмпіянату, навучэнцы і супрацоўнікі машынабудаўнічага каледжа трапілі ў склад каманды Гомельскай вобласці.

У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прынялі чацвёра хлопцаў, якія выступілі ў трох кампетэнцыях. Максім Жалезнякоў (эксперт — майстар вытворчага навучання В.М.Ляўкутнік) спаборнічаў у кампетэнцыі «Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем», Уладзіслаў Чарнянкоў (эксперт — выкладчык каледжа В.М.Гаўрылава) — у кампетэнцыі «Вэб-дызайн і распрацоўка». «Мабільную робататэхніку» прадстаўлялі Максім Кір’янаў і Валерый Асташкевіч (эксперт — намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Д.В.Піліпейка).

Падрыхтоўка да конкурсу была сур’ёзнай. Як жартуюць самі педагогі, гэта быў перыяд іх бяссонных начэй.

— Зразумела, што для ўдзелу ў конкурсе былі выбраны паспяховыя і самыя старанныя хлопцы, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Дзмітрый Піліпейка. — Аднак мы разумеем, што важна не толькі паказаць прафесійныя навыкі нашых канкурсантаў. У падрыхтоўчы перыяд ім вельмі неабходна таксама псіхалагічная падтрымка, трэба было дапамагчы ім сабрацца з духам і расставіць прыярытэты, а таксама здолець прэзентаваць сябе.

Шмат працавалі і навучэнцы, якім давялося прадстаўляць вобласць і каледж на нацыянальным чэмпіянаце. Удзельнік конкурсу па кампетэнцыі «Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем» Максім Жалезнякоў, якому давялося выконваць фрэзерную апрацоўку на сучасных станках з праграмным кіраваннем, удасканальваў веды і атрымліваў практычную падрыхтоўку на Гомельскім заводзе спецпрылад і тэхналагічнага абсталявання, які з’яўляецца філіялам ААТ «Гомсельмаш», а таксама праходзіў вучэбныя трэнінгі ў кампаніі DMGMORI ў Маскве.

Уладзіслаў Чарнянкоў, рыхтуючыся да ўдзелу ў WorldSkills Belarus — 2018 па кампетэнцыі «Вэб-дызайн і распрацоўка», таксама праходзіў дадатковае прафесійнае і практыка-тэарэтычнае навучанне ў вядучых кампаніях краіны, якія займаюцца распрацоўкай праграмнага забеспячэння і размяшчаюцца на тэрыторыі Гомеля.

А ўдзельнік конкурсу па кампетэнцыі «Мабільная робататэхніка» Максім Кір’янаў тэсціраваў работу робата-перавозчыка, прапрацоўваў аптымальныя алгарытмы кіравання, праектаваў канструкцыю маніпулятараў і самастойна вырабляў на 3D-прынтары дадатковыя дэталі.

— Самае важнае ў такім сур’ёзным спаборніцтве — гэта ўзняцце прэстыжу чалавека працы, — упэўнены дырэктар Гомельскага машынабудаўнічага каледжа Васіль Качко. — Хлопцы сваім удзелам і перамогамі ў конкурсе ўзмацняюць не толькі ўласны аўтарытэт, але і статус выбранай прафесіі, сваёй навучальнай установы, горада і вобласці.

Наталля ЛУТЧАНКА. © Сайт газеты «Настаўніцкая газета»