news-160217

Будзьма беларусамі!

Да Дня роднай мовы 17 лютага 2016 года ў чытальнай зале Гомельская ліцэя будаўнікоў адбылася творчая сустрэча з вядучым навуковым супрацоўнікам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, беларускай паэтэсай і даследчыцай беларускай традыцыйнай культуры Раманавай Ларысай Дзмітрыеўнай. 

Мерапрыемства прайшло з мэтай: абудзіць павагу да духоўнай спадчыны, да кнігі ўвогуле; аберагаць Бацькаўшчыну, родную мову; садзейнічаць пашырэнню ведаў і шанаванню багатай гісторыі, культуры беларускага народа, выхоўваць маладое пакаленне ў духу грамадзянскасці, культуры і маральнай чысціні.

Ларыса Раманава пастаралася зацікавіць навучэнцаў  нацыянальнай творчасцю, яе гістарычнай каштоўнасцю, а таксама імкнулася абудзіць у моладзі пачуццё гонару да нашай краіны. На творчай сустрэчы экспанавалася 7 ручнікоў, якія захоўваюцца ў фондах музея. Ручнікі вытканы пераважна ў 1970-80-ыя гады. Адзін з ручнікоў, бела-чырвоны, быў вытканы на пачатку ХХ ст.

Ларыса Раманава пазнаёміла юнакоў і дзяўчат з гісторыяй вёскі Неглюбка, з неглюбскай традыцыяй ткацтва, у якой налічваецца больш за дзвесце мясцовых назваў узораў. Некаторыя з гэтых узораў можна было ўбачыць на ручніках падчас выстаўкі. Таксама беларуская паэтэса прачытала свае вершы са зборніка паэзіі «Святая вада», што выйшаў у свет у 2012 годзе, і правяла віктарыну на лепшае веданне беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Мерапрыемства прайшло пад дэвізам «Будзьма беларусамі!» — людзьмі, хто шануе песні і традыцыі продкаў, хто ведае гісторыю сваіх мясцін і стварае сваю, сённяшнюю, хто ведае знакамітыя імёны Бацькаўшчыны і стварае яе сённяшні дзень.

Матэрыял падрыхтаваны метадыстам лiцэя Ларысай Куршаковай